Kosmodromm – Будет Ласковый Дождь… (review @ Budzma.org)

Label: Synthematik | Format: Digital | Date: 01.11.2011 | Style: Synthpop / Darkwave

Kosmodromm - Будет Ласковый Дождь... (2011): Synthpop / Darkwave

Дэбютны альбом праекту, які выконвае, па ўласным вызначэньні, “чарнобыльскі сынты-поп”. Яго аўтары называюць сябе Эйдэн Дарк і D_Emsi. Іх прыцягвае мёртвая рамантыка кінутых гарадоў, і пяюць яны пра атамны пыл і зорку Палын. Часам нават падаецца, што пяюць зь некаторым зьдзекам, але пры ўважлівым услухоўваньні чуваць, што яны ня проста прыхільнікі гульні “Сталкер”. У іх словах можна ўгледзець шчырую перакананасьць у тым, што “прыйдзе вясёлая раніца”. Насуперак усяму.

Альбом праекту Kosmodromm досыць удала выбудаваны канцэптуальна. І абраная стылістыка пад апісаньне ўсіх гэтых “сынтэтычных сноў” пасуе як найлепш. Здаецца толькі, што беларуская мова легла бы тут лепш. Патэнцыйна тое самае музыкі, маючы глузды і сынтэзатары, маглі б запісаць, седзячы ў доме культуры Чарнобыля ці Прыпяці 25 гадоў таму. Атмасфэра альбома, па шчырасьці, прыгнятае, як, зрэшты, прыгнятае ўсё, зьвязанае з гэтай тэматыкай. У кожным радку і гуку тут цягне вусьцішшу, як ад графіці, якімі цяпер размаляваны той жа горад Прыпяць.
Наўрад ці гэты альбом назавеш цікавым чыста ў музычным пляне. Але вось як арт-праект Kosmodromm з сваёй філязофіяй, відэа, касьцюмамі безумоўна варты ўвагі. Засталося толькі прадумаць яскравае канцэртнае шоў антыядравай скіраванасьці, каб несьці ўвесь гэты неспакой, неўладкаванасьць, жах і крыху надзеі ў шырокія масы.

by Сяргей Будкін

Read at Budzma.org